Катэдральны сабор, Ніжні замак
Overview
Reviews 0

Шырака разгарнулася будаўніцтва каталіцкіх касьцёлаў пасьля хрышчэньня Літвы каралём Уладыславам Ягайлам у 1387 годзе. Адной зь першых пабудоваў таго часу быў Катэдральны сабор, пастаўлены на тэрыторыі Ніжняга Замка.

Катэдральны сабор і цяпер зьяўляецца галоўнай дамінантай цэнтральнай часткі гораду, хаця ад таго, даўнейшага, амаль нічога не засталося. Сучасная Катэдра збудаваная на пераломе XVIII і XIX ст. па праекту знанага архітэктара Лаўрэнція Гуцэвіча ў нэаклясычным стылі.

Вежа-званіцы, якая стаіць асобна ад Катэдральнага сабору: дасьледчыкі лічаць, што ніжняя акруглая частка званіцы вельмі старажытная. Над ёю васьмігранная надбудова з трох паверхаў — у самай верхняй частцы на ўсе чатыры бакі відаць цыфэрбляты гадзіньнікаў.

Міжволі згадваюцца радкі Максіма Багдановіча зь нізкі вершаў "Места” ў ягоным першым зборніку “Вянок”:

А зьвернеш у завулак - ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх старасьвецкіх будынкаў,
Між каменьнямі мох і сьцяблінкі травы,
І на вежы, як круглае вока савы,
Цыфэрблят - пільны сьведка далёкіх учынкаў.

Бясспрэчна, гэтыя словы могуць адносіцца толькі да катэдральнай званіцы, другой такой вежы ў Вільні няма.

Вядомы гісторык XIX ст. Адам Кіркор у сваім даведніку па Вільні згадвае пра йснаваньне яшчэ ацалелых у XV ст. паганскай сьвятыні бога Пяруна (Пяркунаса) на месцы там, дзе цяпер Катэдральны сабор.

Мураваны абарончы комплекс Вільні складаўся зь Верхняга й Ніжняга замкаў з сыстэмай абарончых муроў, бастыёнаў і цэлага шэрагу будынкаў разнастайнага прызначэныія. На вялікі жаль, да нашых часоў бальшыня гэтых будынкаў і ўмацаванміяў не захавалася. На гары засталася вежа й частка закансэрвананых муроў Верхняга Замка, а ад Ніжняга замка, які знаходзіўся між гарой і Катэдрай, не засталося нічога. Дый тое, што можам бачыць сёньня, гэта плён работы рэстаўратараў.

Помнік заснавальніку Вільні вялікаму князю літоўскаму Гедыміну быў адкрыты на Кафедральнай плошчы ў 1996-м (скульптар Вітаўтас Кашуба). Паводле легенды, упаляваўшы на высокай гары тура, Гедымін сасніў вешчы сон, у якім убачыў вялізнага ваўка на гары, пасля чаго і збудаваў на гэтым месцы горад. Мураваны замак у Вільні, куды Гедымін перанёс сваю рэзідэнцыю з Наваградка, з’явіўся не пазней за 1320 год. Каля 1321 году Гедымін пабудаваў у Вільні касцёл для манахаў-францысканцаў, пачаўшы запрашаць рамеснікаў і купцоў з Заходняй Еўропы.

Reviews

0.0

0 comments

Provided by

MT

Miensk team

This story belongs to