Як скрыўляецца чыгунка. Пасля паўстання 1863 г. многім чыноўнікам «пашанцавала». Мноства маёнткаў было секвестравана. Так мовіць, купляйце са скідкай або нават проста за службу. У 1870 г. статс-сакратар Леў Макаў атрымаў маёнтак Навасёлкі з Падблонню над Цітаўкай, які да таго належаў Баніфацыю Крупскаму. У 1873 г. бурнымі тэмпамі прыватным капіталам будуецца Лібава-Роменская чыгунка. Траса чыгункі наўпрост павінна праходзіць у 5 км заходней. Але як планеты змяняюць свае траекторыі пад прыцягненнем больш важнага свяціла, так прыцягнулася чыгунка да прыгожага месца па-над Цітаўкаю, дзе якраз тым часам будаваўся новы дом з паркам і ставамі, ды здзейснілася купчая на землі пад чыгунку.
Шлях да храма. У той жа час быў спраектаваны вядомым архітэктарам Штромам каменны храм, па плане царквы Святога Дзімітрыя ў Санкт-Пецярбургу грэчаскага стылю. Кінетычная энергія навасёлкаўскага святара Фамы Русецкага пераадолела ўсе перашкоды, а патэнцыяльная энергія Льва Макава дала ўсё, што патрэбна. Знайшліся грошы, людзі і будаўнічыя матэрыялы. У 1879 г. была асвячона царква Успення Божай Маці на Мар’інай Горцы. Якраз у гэты год з божай дапамогаю граф Леў Савіч Макаў дасягнуў пасады міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі.
Чароўнае прыцягненне Цітаўкі. Сядзіба Макава – прыклад чароўнага прыцягнення Цітаўкі. Нават міністра. Нават з Пецярбурга. Парк, каскад ставаў, рэчка. Цудоўны старажытны вяз за ланцугамі.
Сядзіба вядомая з XVI стагоддзя. Належала Радзівілам, Бужынскім, пазней Ратынскім, Крупскім, Гендэрсанам. У 1863 годзе маёнтак быў канфіскаваны і разам з Мар'інай горкай стаў ўласнасцю будучнага міністра ўнутраных спраў Льва Макава.


