Помнік Прападобнай Еўфрасінні Полацкай быў усталяваны ў 2000 годзе, асвечаны патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Аўтар помніка — скульптар Ігар Голубеў.
Еўфрасіння Полацкая — інакіня, праваслаўная святая, асветніца, грамадскі дзеяч перыяду Полацкага княства.
Нарадзілася яна ў пачатку XII стагоддзя ў сям'і князя Святаслава-Георгія, сына Усяслава Брачыславіча. Пры нараджэнні атрымала імя Прадслава. У 12 гадоў прыняла манаскі пострыг пад іменем Еўфрасіння.
У канцы 20-х гадоў XII стагоддзя Еўфрасіння заснавала жаночы манастыр у мястэчку Сяльцо, недалёка ад Полацка. Па яе ініцыятыве ў манастыры дойлідам Іаанам быў узведзены каменны Спаса-Праабражэнскі храм, які захаваўся да цяперашняга часу. Для гэтай царквы на замову Еўфрасінні майстрам-ювелірам Лазарам Богшам быў выраблены напрастольны Крыж-каўчэг — адзін з шэдэўраў раннесярэднявечнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўсходніх славян.
Каля 1155 года ў Полацку, пры царкве Прасвятой Багародзіцы, Еўфрасіння заснавала мужчынскі манастыр, для якога з Візантыі быў прывезены Эфескі абраз Божай Маці, напісаны, паводле падання, евангелістам Лукой. Мужчынскі манастыр да нашых дзён не захаваўся.
Намаганнямі Еўфрасінні ў манастырах былі створаны школы, бібліятэкі, скрыпторыі — так называліся майстэрні, у якіх перапісваліся кнігі.
У канцы свайго жыцця Еўфрасіння здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім, дзе памерла ў 1173 годзе і была пахавана ў манастыры Феадосія Вялікага. Пазней яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячэрскую Лаўру, а ў 1910 годзе — у Полацк, у заснаваны ёю Спаскі манастыр.
У 1984 годзе Еўфрасіння была прылічана да Сабора Беларускіх Святых. Дзень яе памяці адзначаецца 5 чэрвеня.



