Папова горка
Горка ў нашым месцы – з’ява. Ля Дудзіч ці Дукоры горкі не шануюцца, хаця яны вышэй за 200 метраў над узроўнем мора. Іншая справа – роўнядзь Бярэзінскай раўніны, ды раптам нейкі пуп. Мар’іна Горка, Папова горка, Высокая гара, Сакаліная гара. Імянныя! Ёсць горкі наадварот – азёры-вочкі. Ды горкі з азёркамі неяк парамі. Сапраўды, без нейкай сілы так не атрымалася б.
Смерць як Халакост
Да вайны ў мястэчках Пухавіцкага раёна было больш за палову жыхароў – яўрэяў. Лета 1941 г. Адразу ж гета ў кожным мястэчку: • Дукора • Мар’іна Горка • Рудзенск • Талька • Вузляны • Шацк.
Потым загад у верасні - кастрычніку 1941 г. на расстрэл: Пухавічы – 1260, Шацк – 635, Дукора – 600, Вузляны – 375, Рудзенск – 190+300, Талька – 280, Капскія – 494. Больш за 4 тысячы. Увесь каштарыс па Беларусі – паўмільёна чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, або тры чвэрці ад даваеннай колькасці. Беларусь сапраўды стала іншай, як бы з каляровай – чорна-белай.
Смерць як масавая з’ява
На Паповай горцы 28.09.1941 расстраляна болей за 1200 чалавек: 700 – з Мар’інай Горкі, 500 – з Пухавіч. Кашмарная бюракратыя: ідэя – палітыка – загад – план – справа(выкапаць яму, каб не разбегліся…) – стрэл – стрэл, каб дабіць – справа (закапаць, вярнуцца ў кашары…) – справаздача – палітыка – новая ідэя. Кашмарная лагістыка: месца роўна пасярод паміж Мар’інай Горкай і Пухавічамі ля шляху. Кашмарная эстэтыка: навошта было зганяць менавіта на горку, у прыгожае месца. Што гэта было? Што яны сабе думалі?
Смерць як магніт
Месца смяротнай кары на Паповай горцы стала могілкамі, і да мемарыяла прысуседзілася некалькі пасляваенных магіл. Далей і да сёння – складаны лёс помніка. Ці то грошай не хапае, ці то – увагі, ці то – «Уваг смерці няхібнай». Думаецца, што ўсё ж будзе тут дарэчны сумны мемарыял, да якога будуць цягнуцца людзі за ачышчэннем, разуменнем, праўдай жыцця і смерці.
Тое, што зараз атрымалася з помніка – проста… пабачце самі.
Як у Бакі Увага смерці ўсім станам
У завеце: дрэнна ў свеце! /Жыццё - во́йна беспакойна. /Цела - кат, свет - псу брат, /А той бес - злы як пес.
Свет - бед, гора, плачу скрыня, /Розных шкод, хвароб прычына /Замчыста, нячыста; /На канец - смерць ганец.